Мастацкая спадчына, звязаная з Беларуссю, у музеях свету

Мастакі  —  Хаім Суцін (1893-1943)


Хаім Суцін нарадзіўся 13 студзеня 1893 г. ў Смілавічах (цяпер Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь) у беднай шматдзетнай яўрэйскай сям'і. З ранняга дзяцінства Хаім праяўляў любоў да малюнка і жывапісу. У 1907 г. бацькі адпраўляюць яго ў Менск да старэйшай сястры, у якой хлопчык павінен быў жыць і навучацца якому-небудзь рамяству. Пасля шэрагу няўдалых спробаў (памочнікам у краўца, у шаўца) муж сястры ўладкоўвае юнага Суціна рэтушерам да аднаго з мінскіх фатографаў. У 1908 ці 1909 г. Суцін пачынае браць урокі ў школе Я.Кругера, дзе знаёміцца з Міхаілам Кікоінам. У 1910 г. разам з Кікоінам яны едуць у Вільню, дзе паступаюць у малявальную школу.

У чэрвені 1913 года Суцін прыязджае ў Парыж, дзе запісваецца ў атэлье Кармона ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Аднак хутка мяняе занадта «акадэмічную» Акадэмію на наведвання Луўра, які становіцца яго сапраўдным універсітэтам. Тут ён вывучае прызнаныя творы класікаў жывапісу, грэцкую і егіпецкую скульптуру. Цікавіцца ён таксама музыкай і літаратурай. Сярод яго любімых аўтараў былі Мантэнь, Расін, Сенека, Дастаеўскі, Пушкін, Бальзак і Рэмбо, сярод кампазітараў - Бах і Моцарт. Першыя гады ў Парыжы мастак жыве ў галечы. Перад тым, як пераехаць на Сіце Фальгьер ў 15-й акрузе Парыжа, Суцін жыве і працуе ў «Ла руш» («Вуллі»), міжнародным інтэрнаце бедных мастакоў на левым беразе Сены, якое было створана ў 1902 скульптарам Альфрэдам Буше. Тут Суцін знаёміцца ​​з Лежэ Емiлам, Маркам Шагалам, Фернанам Лежэ, Раберам Делоне, скульптарамі Канстанцінам Брынкушы, Восіпам Цадкіным, Анры Лораном, Жакам Лiпшiцам і Аляксандрам Архіпенка, а таксама Амедеа Мадыльяні, з якім яго злучыць моцная, але непрацяглая дружба (з-за заўчаснай смерці апошняга).

З 1918 года Суцін амаль сем гадоў жыве на поўдні Францыі, дзе яго ўражвае прыгажосць мясцовых пейзажаў. Адтуль ён прывозіць у Парыж каля двухсот напісаных работ. Амерыканскі калекцыянер Альберт Кумс Барнс купляе ў мастака каля пяцідзесяці твораў. У наступным годзе гандляр творамі мастацтва Леапольд Збароўскі прадае шмат палотнаў мастака. У Парыжы Суцін заязджае ў прасторную студыю на вуліцы Сэн-Гатар у 14-й акрузе Парыжа. А ў 1927 годзе праходзіць першая персанальная выстава работ Суціна ў адной з парыжскіх галерэй.

У 1935 году творы мастака ўпершыню выстаўляюцца ў ЗША ў рамках калектыўнай экспазіцыі ў Чыкага, а ў 1937 г. дванаццаць карцін мастака выстаўляюцца ў Дзяржаўным музеі Пці-Пале ў Парыжы ў рамках калектыўнай выставы «Майстры незалежнага мастацтва 1895-1937 гг.».

Хаім Суцін памірае 9 жніўня 1943 года ў акупаваным нацыстамі Парыжы.


Падрыхтоўка матэрыялу  —  Таццяна Бембель,  17 снежня 2021 г.