Беларуская мастацкая спадчына ў музеях свету


Праект Аляксея Ластоўскага (ICOM Belarus, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт),
сумесна з Беларускiм камітэтам Міжнароднага Савета Музеяў «ІСОМ».
Праект пачаў дзейнічаць у 2020 годзе.
Навуковыя кансультанты: Таццяна Бембель, Юрый Абдурахманаў.

Манiфест праекту

Інфармацыйнае адзінства сусветнай музейнай прасторы – важная ўмова развіцця музейнай справы ў наш час. Буйнейшыя музеі свету аблічбоўваюць свае фонды і выкладваюць у сусветнае сеціва дзеля агульначалавечага карыстання. Такім чынам ствараецца выдатная магчымасць зрабіць дакладны віртуальны шляхавод па тых музеях свету, дзе захоўваецца мастацкая спадчына, звязаная з Беларуссю. Гэта і ёсць сутнасць праекту «Беларуская мастацкая спадчына ў музеях свету». чытаць далей

У межах праекту збіраецца інфармацыя пра прысутнасць твораў мастакоў паходжаннем з Беларусі ў розных краінах – але гэта не проста набор імёнаў і назваў. Гэты каталог адзначыць беларускую прысутнасць у сусветнай мастацкай спадчыне і дапаможа арганізаваць шляхі сучасным беларускім культурным паломнікам і накіраваць іх у музеі, дзе можна сустрэцца з нашай спадчынай.

Беларуская зямля шмат дала сусветнаму мастацтву – з нашых мястэчак і штэтлаў таленавітая моладзь настойліва прабівалася ў найлепшыя вучэльні і скарала Парыж. Наша памежжа культур нарадзіла мноства геніяў, якія праславіліся ў іншых месцах. Шагал, Суцін, Цадкін, Рушчыц... спіс можна множыць да бясконцасці.

Важная задача для сучаснай Беларусі – гэта стварэнне паўнавартаснага культурнага канону, які б прыадчыніў для нас паўніцу мінулага, стракатасць культур і рознагалоссе беларускіх вуліц. Для нас, для сучасных беларусаў, вельмі важна разумець, які людзі жылі на гэтай зямлі, што яны рабілі і чаго дасягнулі.

Наш праект таксама кладзецца ў падмурак абноўленага самаадчування, мы імкнемся стварыць новую энцыклапедыю, якая будзе жывым архівам беларускай культурнай творчасці.

Безумоўна, дзяржаўныя межы перамяшчаліся, ідэнтычнасці змяняліся, а некаторыя людзі ўпарта хацелі б пазбегнуць нейкай безумоўнай катэгарызацыі. Таму вызначэнне беларускай мастацкай спадчыны само па сабе з’яўляецца вялікай праблемай.

Давядзецца абапірацца на некалькі простых прынцыпаў:
1) Пад беларускай мастацкай спадчынай мы разумеем творчасць тых мастакоў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі альбо правялі тут большую частку свайго жыцця;
2) Таксама мы можам абапірацца на прынцып самавызначэння, калі ёсць задакументаваныя сведчанні, што нейкі мастак вызначаў сябе менавіта як беларуса (ці вызнаваў, што яго Радзіма – Беларусь), то такія творцы таксама патрапляюць у сферу нашага інтарэсу.

Нашай задачай не з’яўляецца навязаць “беларускасць” тутэйшым габрэям ці палякам, мы з павагай ставімся да іх тоеснасці. Мы думаем найпеш пра сябе – наша задача стварыць такое разуменне беларускай культурнай прасторы, якое ўключала б у сябе багатую і супярэчлівую гісторыю гэтага краю, з шматстайнасцю этнічных і канфесійных групаў.

Яшчэ адной важнай задачай для гэтага праекта з’яўляецца выпраўленне імёнаў, звязанае з пашыраным раўнадушшам да тых культур і краін, якім цяжка сябе бараніць. Наша задача – знаходзіць памылкі ў вызначэнні паходжання мастакоў, якія родам з Беларусі. Не мусіць быць напісана “Віцебск, Расія” альбо “Смілавічы, Літва”, бо гэта не адпавядае палітычнай геаграфіі. У музеі можа быць напісана “Віцебск, раней - Расійская імперыя, зараз - Беларусь” альбо “Віцебск, Беларусь”. Гэта найперш пытанне паважлівага стаўлення да Беларусі – і гэта важна нам, беларусам.
З дапамогай афіцыйнай падтрымкі ICOM-Belarus мы будзем змагацца за выпраўленне такіх памылак, і спадзяемся на вашу дапамогу ў іх выяўленні. схаваць частку


Кантакт для сувязі па пытаннях праекта - Аляксей Ластоўскі ([email protected]).