Праекты » Рэгіянальная музейная акадэмія 2019 » Ваенна-гістарычны музей

Рэгіянальная музейная Акадэмія-2019

Ваенна-гістарычны музей



17 кастрычніка 2019 г.

г. Дрэздэн, Ваенна-гістарычны музей.  


Найважнейшай часткай Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019 стала чатырохдзённая паездка групы беларускіх музейных спецыялістаў у Германію. Галоўнай мэтай паездкі стала наведванне нямецкіх музеяў і абмен досведам з нямецкімі калегамі. Семінар-трэнінг у Ваенна-гістарычным музеі (Militärhistorisches Museum) адбыўся 17 кастрычніка 2019 г. Гэтае мерапрыемства, як і ўсю нямецкую праграму, арганізавала д-р Крысціяна Янеке, дырэктар Tradicia History Service (Berlin).

Знаёмства з дрэздэнскім ваенна-гістарычным музеем адбылося ў форме падрабязнай экскурсіі, дзе разглядаліся некалькі тэм: падыход да стварэння гістарычнага музея; узаемаадносіны гісторыі і палітыкі; памяць аб вайне; мастацкае афармленне экспазіцыі.

Сустрэча з Dr. Armin Wagner, дырэктарам Ваенна-гістарычнага музея, дала магчымасць групе стажораў з Беларусі ў завяршэнне навучальнай сустрэчы сустрэчы выказаць свае ўражанні і задаць пытанні.

Фота - А. Духоўнікаў (1-е злева), астатнія - Т. Бембель.

Група стажораў Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019 на фоне галоўнага фасада Ваенна-гістарычнага музея ў Дрэздэне. На здымку відаць, як неакласічны ордэр арыгінальнага фасада 1877 года пранізаны завостраным "аскепкам" са сталі і шкла - прыбудовай да старога будынка, зробленай у 2011 годзе па праекце амерыканскага архітэктара Даніэля Лібескінда.
Унутраная прастора Ваенна-гістарычнага музея ў новай прыбудове 2011 года дае нечаканыя магчымасці для размяшчэння экспанатаў у прасторы. Як архітэктурная канцэпцыя, так і экспазіцыя музея накіраваны на рознабаковую інтэрпрэтацыю і на пераасэнсаванне прывычнага глядзельнага ўспрымання.
Экспазіцыі ў новай прыбудове не падпарадкаваны храналагічнаму прынцыпу, адлюстроўваючы разнастайныя і збольшага нечаканыя аспекты ваеннай гісторыі - напрыклад, "Вайна і гульня", дзе ўспрыманне вайны дадзена праз найбагатую калекцыю дзіцячых цацак.
Падчас знаёмства групы стажораў з раздзеламі экспазіцыі шмат увагі надавалася таму, як аблегчыць наведвальнікам, мала знаёмым да гэтага часу з ваеннай тэматыкай, доступ да ваеннай гісторыі.
У інтэр'ерах трох крылаў гістарычнага будынка размешчаны храналагічна пабудаваны экскурс па ваеннай гісторыі Германіі.
Экспазіцыя дае магчымасць азнаёміцца з падрабязнасцямі ваеннай гісторыі канкрэтнай эпохі ў такіх аспектах, як эканоміка войнаў, узаемаадносіны ваенных структур і грамадства, а таксама наступствы войнаў для чалавека ў выглядзе раненняў і смерці.
Шлях праз эпохі ваеннай гісторыі Германіі праходзіць уздоўж дзесяці асноўных вітрын, якія адлюстроўваюць цэнтральныя эпізоды гэтай гісторыі. У вітрыне, прысвечанай Другой сусветнай вайне, адлюстраваны дзеянні галоўных ваенных злачынцаў нацысцкай Германіі. Гэты стэнд расказвае пра Г.Герынга.
Гісторыя падзелу і ўз'яднання Германіі пасля Другой сусветнай вайны цесна звязана з тэмай супрацьстаяння падзеленага свету падчас халоднай вайны. Сістэма кантролю і пакаранняў з'яўляецца часткай гісторыі войн.
Пасля паглыбленага агляду музея Дырэктар Ваенна-гістарычнага музея Д-р Армін Вагнер расказаў групе стажораў з Беларусі аб канцэпцыі музея і прынцыпах яго працы, а таксама адказаў на пытанні.
Група стажораў з Беларусі, як і большасць наведвальнікаў Ваенна-гістарычнага музея, дабіраліся да яго і з'яжджалі назад у цэнтр Дрэздэна на трамваі. Прыпынак называецца Stauffenbergallee у гонар палкоўніка вермахта Клаўса фон Штаўфэнберга, які кіраваў няўдалым замахам на жыццё Адольфа Гітлера 20 ліпеня 1944 г. і пакаранага за гэта 21 ліпеня 1944 г.

Для групы стажораў з Беларусі было дастаткова нязвыклым шмат з таго, што яны ўбачылі ў адным з самых цікавых музеяў свету на ваенную тэму. Важным вынікам стала разуменне, што з'яўляецца галоўнай тэмай цэнтральнай экспазіцыі Ваенна-гістарычнага музея: гэта не столькі сама вайна, пры ўсім багацці і разнастайнасці экспазіцыйнага матэрыялу і фондаў, колькі чалавек на вайне і як вайна ўплывае на яго. «Гэты праект не аб узбраенні і ракетах. Ён пра людзей і іх рашэнні, пра тое, як яны бачаць гэты свет», - сказаў архітэктар Д. Лібескінд, калі перамог у конкурсе на праект пашырэння музея ў 2001 годзе.

Абноўлены музей разам з прыбудовай стаў не толькі ёмішчам каласальнага матэрыялу аб вайне і ваеннай гісторыі, але і манументам, прысвечаным трагічным падзеям апошніх дзён Другой сусветнай. Гэта памяць не толькі аб фашызме, аб Трэцім рэйху, але і аб адным з самых стрымана палітычных рашэнняў антыгітлераўскай кааліцыі, калі незадоўга да падпісання капітуляцыі Германіі ў выніку авіяналётаў саюзнікаў Дрэздэн быў пераўтвораны ў руіны, якія пахавалі пад сабой, па прыблізных падліках 135 000 жыхароў. Памяць аб вайне можа быць вельмі рознай, і ад музейшчыкаў у вялікай ступені залежыць, як яна інтэрпрэтуецца ў музейных экспазіцыях. Фактычна музеі фармуюць уяўленне пра вайну для грамадства, і ўсведамленне складанасці і адказнасці гэтай працы стала адным з вынікаў занятку ў Ваенна-гістарычным музеі ў Дрэздэне.

Яшчэ фатаграфіі мерапрыемства

IMG_144904_750x450
IMG_150016_750x450
IMG_155235_750x450
IMG_155915_750x450
IMG_155958_750x450
IMG_160546_750x450
IMG_174614_750x450
IMG_144904_750x450
IMG_150016_750x450
IMG_155235_750x450
IMG_155915_750x450
IMG_155958_750x450
IMG_160546_750x450
IMG_174614_750x450
previous arrow
next arrow
Падрыхтоўка матэрыялу  —  Таццяна Бембель
Праекты » Рэгіянальная музейная акадэмія 2019 » Ваенна-гістарычны музей