Мастацкая спадчына, звязаная з Беларуссю, у музеях свету

Мастакі  —  Восіп Цадкін (1890-1967)


Восіп Цадкін нарадзіўся 14 чэрвеня 1890 года ў Віцебску. Архіўныя дакументы перыяду вучобы Цадкіна ў Віцебскім гарадскім четырёхклассном вучылішчы (у 1900-1902 гадах у адным класе з будучымі мастакамі Маркам Шагалам і Віктарам Меклерам) паказваюць, што ён скончыў вучылішча ў 1904 годзе.

Бацька Восіпа быў знаўцам і выкладчыкам класічных моваў - грэцкай ды латыні. Маці паходзіла з шляхетнага шатланскага роду, і ў 1905 годзе юнак быў адпраўлены да свайго дваюроднага дзядзькі на поўнач Англіі, дзе ўдасканальваў ангельскую мову і браў урокі скульптуры ў мясцовай мастацкай школе. У 1906-1909 гг. жыў у Лондане, пастаянна наведваў Брытанскі музей, вучыўся ў Палітэхнічнай школе.

З 1910 ён пасяліўся ў Парыжы, на Манпарнасе, працаваў у «Вуллі». Зблізіўся з Апалінэрам, Брынкушi, Пікаса, Бурдэлем, Мацісам, Дэланэ, Мадзільяні. У 1911 яго працы былі выстаўлены ў Восеньскім Салоне і Салоне Незалежных.

У 1914-1915 гг. выстаўляўся ў Берліне і Лондане, але самага значнага поспеху дасягнуў у Брусэлі, Гааге і Амстэрдаме. Калекцыянеры з Бельгіі і Нідэрландаў першымі пачалі купляць яго скульптуры. Зараз фонд Цадкiна, які займаецца яго мастацкай спадчынай, знаходзіцца ў Брусэлі.

Цадкін удзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў складзе французскай арміі. У 1915 добраахвотнікам уступіў у войска, працаваў санітарам у палявым шпіталі. Дэмабілізаваны ў 1917 г. пасля атручвання газамі.

З 1921 г. выставы Цадкіна праходзілі ў Токіо і Грэноблі. У 1925 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы ягоныя творы былі адзначаны залатым медалём.

У гады Другой сусветнай вайны Цадкін знаходзіўся ў ЗША, затым вярнуўся ў Парыж.

У 1950-х майстэрня Цадкіна, нароўні з майстэрняй Фернана Лежэ ўваходзіла ў склад парыжскай Акадэміі Гранд-Шам'ер, дзе Цадкін выкладаў да 1958 года. Да яго ехалі вучыцца з усяго свету. Майстэрня Цадкіна стала месцам вучобы многіх сучасных скульптараў, у тым ліку Джорджа Шугермана і Рычарда Станкевіча.

Вялікія рэтраспектыўныя выставы скульптуры Цадкіна праходзілі ў пасляваенныя гады ў нацыянальных музеях Амстэрдама, Парыжа i Ратэрдама. Гіганцкая рэтраспектыва была адкрыта ў 1966 годзе ў Мастацкім музеі Цурыха.

Памёр Восіп Цадкін 25 лістапада 1967 гады ў Парыжы, дзе і пахаваны на могілках Манпарнас.


Падрыхтоўка матэрыялу  —  Таццяна Бембель,  17 снежня 2021 г.