Праекты » Рэгіянальная музейная акадэмія 2019 » Музеефікацыя палітычнай турмы

Рэгіянальная музейная Акадэмія-2019

Музеефікацыя палітычнай турмы



18 кастрычніка 2019 г.

г. Баўтцэн, Мэмарыяльны турэмны комплекс («турма Штазі»).  


Першы выязны занятак 18 кастрычніка 2019 г. для групы стажораў Рэгіянальнай музейнай акадэміі быў прысвечаны тэме музеефікацыі такога складанага аб'екта як палітычная турма. Месцам занятку стала былая турма Bautzen II (Баўтцэн цвай) у мястэчку Баўтцэн недалёка ад Дрэздэна, якая цяпер працуе як мемарыяльны комплекс. Баўтцэн да будаўніцтва ў ім у пачатку дваццатага стагоддзя катаржнай турмы Bautzen I і следчай турмы Bautzen II меў суцэль мірную нагоду для вядомасці - вырабляную там гарчыцу. У ХХ стагоддзі назва Баўтцэн стала асацыявацца з тэмай дзяржаўнага гвалту і палітычных рэпрэсій.

Да 1933 Bautzen II дзейнічала пры акруговым судзе, а з 1933 стала афіцыйным следчым філіялам турмы Bautzen I. Пасля прыходу да ўлады нацысты прыстасавалі комплекс для ўтрымання палітвязняў і асабліва важных ваеннапалонных. Менавіта тут знаходзіўся пад следствам чэшскі пісьменнік і журналіст, змагар Супраціву, камуніст Юліус Фучык, аўтар вядомай кнігі «Рэпартаж з пятлёй на шыю», пакараны пасля ў Берліне ў турме Плетцензее.

З 1945 па 1949 турма Bautzen II служыла следчым ізалятарам савецкіх акупацыйных войскаў. Акрамя таго, яе выкарыстоўвала ўпраўленне дзяржбяспекі НКУС. З 1956 па 1989 турма фактычна кантралявалася Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі ГДР (Ministerium für Staatssicherheit, Stasi), скарочана «Штазі», хаця афіцыйна да гэтага міністэрства не адносілася.

Пасля падзення Берлінскай сцяны ў 1989 годзе ўсе палітвязні былі адпушчаныя і Bautzen II зноў стала следчым ізалятарам для Bautzen I. Аднак у гэты час быў створаны Камітэт былых вязняў, па патрабаванні якога ў 1992 годзе турма была зачыненая і пераўтвораная ў мемарыяльны комплекс.

Аб'ектам увагі стажораў з Беларусі сталі падыходы да мемарыялізацыі турэмнага комплексу, стварэнне музейных экспазіцый унутры галоўнага мемарыяльнага аб'екта - самой турмы, а таксама раскрыццё музейнымі сродкамі такіх складаных тэм як механізмы самазахавання дзяржавы і іх суадносіны з паняццямі чалавечнасці, свабод і правоў асобы.

Фота - Таццяна Бембель

Пешы шлях па мястэчку ад вакзала да мемарыяльнага турэмнага комплексу Баўтцэн II арганізатар нямецкай праграмы Д-р Крысціяна Янеке выкарыстоўвала для азнаямленчай экскурсіі.
У першым унутраным двары, які знаходзіцца адразу за ўязной брамай у комплекс Bautzen II групу стажораў сустрэла Silke Klewin (на фота другая злева), куратар экспазіцыйнай часткі мемарыяльнай турмы і кіраўнік трэнінгу.
Тут у ранейшых гаражах для турэмнага транспарту размясцілася першая са шматлікіх музейных экспазіцый комплексу. Разнастайнае абсталяванне пенітэнцыярнай сістэмы - як, напрыклад, аўтазакі часоў ГДР, - з'яўляецца важнай часткай калекцый турмы-музея.
У частцы былой гаражнай прасторы арганізаваны таксама музейны буфет. Справа на фота яго аскетычны інтэр'ер бачны скрозь акно ў падлогу - роўна па памеры былых гаражных варот, якія зараз з'яўляюцца аканіцамі. Гэта месца, дзе можна сабрацца з духам перад наведваннем спецыфічнай прасторы мемарыяльнай турмы ці аднавіць раўнавагу пасля атрыманых уражанняў.
Кіраўнік трэнінгу Silke Klewin паказвае групе план-схему турэмнага комплексу і расказвае пра тое, як і чаму ствараўся музей, пра дзейнасць Камітэта былых вязняў Баўтцэн цвай у 1989 - 1992 гг. па музеефікацыі месца іх зняволення, аб падыходах да мемарыялізацыі зусім нядаўняга мінулага.
Кожны элемент прасторы былой палітычнай турмы, ці то ўнутраныя агароджы, ці службовыя пераходы, служаць цяпер экспазіцыйным задачам.
Спецыяльна спраектаваныя вітрыны асноўнай экспазіцыі сумяшчаюць прынцып падачы інфармацыі ў храналагічным парадку, традыцыйны для музейных стэндаў, з вобразам закрытай скрыні, якая не хоча раскрываць свае таямніцы. Шкла вітрын тут вузкія і маленькія, як турэмныя вокны, і праз іх відаць зусім няшмат прадметаў, але гэтыя па-майстэрску выбудаваныя інсталяцыі аказваюць магутнае эмацыйнае ўздзеянне па кантрасце з лічбамі, датамі, графікамі, тэкстамі і відэаматэрыяламі.
Куратар Silke Klewin патлумачыла, што раздзел экспазіцыі, прысвечаны вязням Bautzen II, пабудаваны па прынцыпе аднолькавых каркасных модуляў-ячэек, унутры кожнай з якіх размяшчаецца ўся наяўная інфармацыя аб канкрэтным чалавеку. Часам гэта толькі імя, часам - некалькі асабістых рэчаў, фатаграфіі, часам проста пустое вочка. Такі прыём з'яўляецца выразнай метафарай, асацыюючыся з аднатыпнымі камерамі-скрынямі, у кожнай з якіх было складзена чыёсьці жыццё.
Макет усяго турэмнага комплексу размешчаны ў вітрыне так, каб бачыць яго на фоне скразнога калідора, які аб'ядноўвае ўсе паверхі лесвіцамі і пераходамі. Турэмная архітэктура - асаблівы тып праектавання, які адлюстроўвае стан грамадства, яго законаў, маралі, філасофіі, псіхалогіі і іншых аспектаў, якія маюць значэнне для музейнай інтэрпрэтацыі.
Экскурсія дае магчымасць сувымераць сябе з турэмнай прасторай у калідорах, камерах і карцэрах, што пагаршае эмацыйны эфект наведвання, а таксама дазваляе ўбачыць экспазіцыйныя прыёмы, скарыстаныя для расчынення розных аспектаў тэмы (уцёкі, супраціў, адзінота, кантроль, прымус і інш.) у аднатыпных прасторах.

Яшчэ фатаграфіі мерапрыемства.

IMG_092711_720x455
IMG_092745_720x455
IMG_092943_720x455
IMG_093056_720x455
IMG_093150_720x455
IMG_093244_720x455
IMG_093440_720x455
IMG_093521_720x455
IMG_094934_720x455
IMG_095017_720x455
IMG_095046_720x455
IMG_095201_720x455
IMG_100543_720x455
IMG_100625_720x455
IMG_102035_720x455
IMG_102440_720x455
IMG_092711_720x455
IMG_092745_720x455
IMG_092943_720x455
IMG_093056_720x455
IMG_093150_720x455
IMG_093244_720x455
IMG_093440_720x455
IMG_093521_720x455
IMG_094934_720x455
IMG_095017_720x455
IMG_095046_720x455
IMG_095201_720x455
IMG_100543_720x455
IMG_100625_720x455
IMG_102035_720x455
IMG_102440_720x455
previous arrow
next arrow
Падрыхтоўка матэрыялу  —  Таццяна Бембель
Праекты » Рэгіянальная музейная акадэмія 2019 » Музеефікацыя палітычнай турмы