У невялікім дрэздэнскім доме-музеі знакамітага польскага пісьменніка, мастака, гісторыка і кампазітара Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (1812 – 1887), размешчаным у Дрэздэне па адрасе вул. Нордштрасэ, 27 (цяпер №28), стажоры з Беларусі пазнаёміліся не толькі з важнай часткай біяграфіі выдатнага чалавека, але і з канцэпцыяй гэтага мемарыяльнага музея, а таксама сістэмай кіравання муніцыпальнымі музеямі ў Дрэздэне.
Музей Крашэўскага, які ўваходзіць у муніцыпальнае аб'яднанне музеяў горада Дрэздэна, быў заснаваны ў 1960 годзе ў доме, у якім пісьменнік жыў падчас 20-гадовай ссылкі. Ён пасяліўся тут у 1863 годзе, абраўшы Дрэздэн месцам сваёй вымушанай эміграцыі пасля адмовы ў 1862 годзе ад расійскага падданства і распараджэння 1963 года аб высылцы з Расійскай імперыі за рэзкую крытыку палітыкі ўрада. У Дрэздэне, які ў той час быў адным з цэнтраў польскай эміграцыі, Крашэўскі выдаваў польскамоўны штотыднёвік “Tydzień” (выходзіў у 1870 – 1871 гг.), працаваў над навуковымі працамі і стварыў мноства твораў – літаратурных, музычных, мастацкіх.
Сустрэча і трэнінг у Музеі Крашэўскага ў рамках нямецкай праграмы Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019 былі цікавыя для гурта з Беларусі па многіх напрамках. Асаблівасць музея Крашэўскага - яго двухнацыянальнасць. Даўнія палітычныя і культурныя сувязі Польшчы і Саксоніі былі пастаянным прадметам даследаванняў Ігнацыя Крашэўскага. Экскурсія і гутарка з кіраўніком музея сп. Эрыкай Эшэбах і прадстаўніком муніцыпальнага кіравання музеямі сп. Магач закраналі тыя моманты польскай гісторыі, якія праз прызму біяграфіі Крашэўскага датычыліся і гісторыі Беларусі (у прыватнасці, тое, што родавым гняздом Юзафа Ігнацыя быў бацькаў маёнтак Доўгі. ля Пружан, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, менавіта там пачалося яго захапленне літаратурай).
Дзейнасць большасці стажораў звязана з невялікімі музеямі, таму экспазіцыйныя прыёмы, якія дазваляюць адлюстраваць у абмежаванай прасторы дома-музея маштабныя з'явы, сталі прадметам асаблівай увагі. У ходзе наведвання стажорамі былі выкананы самастойныя заданні па аналізе экспазіцыі. Таксама важнай скразной тэмай была інтэграцыя і супрацоўніцтва розных музеяў, аб'яднаных адной тэмай ці персонай.
Прыкладам самастойных заданняў сталі даследчыя вандроўкі стажораў з фотаапаратам па экспазіцыі музея для прапрацоўкі тэмы «Камунікацыя музея і наведвальніка праз аб'ект» і наступная праца ў групах.