Другі двухдзённы семінар-трэнінг Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019 прайшоў у Полацку, у Музеі беларускага кнігадрукавання.
Галоўную тэму "Музейны маркетынг і камунікацыя" з тэарэтычнага і практычнага бакоў раскрыла для слухачоў рэферэнт д-р Катрын Хіке (Германія). Увядзенне ў тэму семінара з дапамогай інтэрактыўных заданняў падрыхтавала слухачоў да аб'ёмнай лекцыі “Стратэгічны маркетынг”, у цэлым умацаваўшы іх тэарэтычную базу для далейшых практыкумаў.
Наступны лекцыяй трэнінг 1 і падвядзенне яго вынікаў у форме дыскусіі былі добрым метадычным практыкаваннем не толькі для асноўнай групы, але і для музейшчыкаў Полаччыны, якія далучыліся да яе.
Другая лекцыя "Аператыўны маркетынг" працягнула чаргаванне тэорыя-практыка, тэорыя-практыка і падвяла слухачоў да трэнінгу 2. Пасля трэцяй лекцыі гэтага дня пад назвай "Музей і турызм" і ўжо звыкла чаканага трэнінгу, дзень завяршыўся экскурсіяй у Сафійскі сабор, які правялі дырэктар музея Тамара Джумантаева і ўдзельнік гурта Славіна Гаўрылава, а таксама арганным канцэртам у выкананні Ксеніі Пагарэлай.
Канферэнц-зала Музея беларускага кнігадрукавання Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (Беларусь, Віцебская вобласць) стала асноўнай прасторай семінара-трэнінгу «Музейны маркетынг і камунікацыя» ў рамках Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019.
Удзельніцы асноўнай групы Вераніка Акудовіч, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея (Мінск) і Ірына Юдзіна, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый (Гомельская вобласць), на фота абедзве злева, выконваюць групавое заданне сумесна з запрошанымі на семінар музейшчыкамі Полаччыны.
Дзмітрый Апановіч, дырэктар Тураўскага краязнаўчага музея (Гомельская вобласць) і Славіна Гаўрылава, загадчыца Музея беларускага кнігадрукавання Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (Віцебская вобласць) прадстаўляюць вынікі групавога аналітычнага задання.
Рэферэнт д-р Катрын Хіке (Германія) надала шмат увагі тэме «Музейны турызм», падрыхтаваўшы для слухачоў Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019 метадычныя прэзентацыі з выдатнай інфаграфікай.
Мазгавы штурм, выкананне аналітычных і крэатыўных заданняў рэферэнта ў абмежаваны прамежак часу давалі ўдзельнікам семінара навыкі раскрыцця і эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу кожнага члена групы.
Маніторынг зваротнай сувязі праз кароткія рэзюмуючыя выказванні кожнага ўдзельніка стаў важным элементам семінара. Выступае Вераніка Акудовіч (Мінск).
Юрый Абдурахманаў, дырэктар Прыватнай установы культуры "Спадчына і час" (Смілавічы, Мінская вобласць), удзельнік асноўнай групы, дзеліцца сваім вопытам падтрымкі рэгіянальнага музейнага турызму на прыкладзе супрацоўніцтва са смілавіцкімі музеямі "Прастора Хаіма Суціна" і "Музычная музей-гасцёўня Станіслава Манюшкі".
Андрэй Духаўнікаў, дырэктар Віцебскага Цэнтра сучаснага мастацтва, далучыўся на полацкім семінары да заняткаў Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019, і потым прайшоў усе наступныя этапы навучання разам з асноўнай групай.
Яўгенія Федарчук, навуковы супрацоўнік Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея (Магілёўская вобласць), удзельніца асноўнай групы слухачоў Рэгіянальнай музейнай Акадэміі-2019.
Другі дзень быў цалкам прысвечаны прапрацоўцы тэмы «Супрацоўніцтва і сеткавыя структуры» з наступнай дыскусіяй, пасля якой семінар-трэнінг завяршыўся экскурсіяй у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, з падрабязным аглядам і каментарыем па рэстаўрацыйных працах.